Спорт

У Кантынентальнай хакейнай лізе стартуюць паўфіналы Кубка Гагарына


Фота з архіва

2 красавіка, Мінск . У Кантынентальнай хакейнай лізе стартуе трэці раўнд плэй-оф сезона-2023/24 — паўфіналы розыгрышу Кубка Гагарына,

Першую пару паўфіналістаў склалі яраслаўскі «Лакаматыў» і чэлябінскі «Трактар». У стартавым раўндзе яраслаўцы спынілі чэмпіёнаў двух папярэдніх сезонаў з маскоўскага ЦСКА (4:1 у серыі), а ў другім этапе прайшлі омскі «Авангард». Па ходзе гэтага процістаяння «Лакаматыў» вёў з лікам 3:1, але затым дазволіў саперніку зраўнаваць лічбы і перавесці серыю ў вырашальны сёмы матч. Там «чыгуначнікі» ўсё ж аказаліся мацнейшыя (2:0) і ўпершыню за 7 гадоў ступілі ў паўфінал.

Процістаяць «Лока» будзе чэлябінскі «Трактар», які ў бягучым розыгрышы паднёс ужо дзве сенсацыі. Рэгулярны чэмпіянат «мядзведзі» скончылі толькі на шостым месцы Усходу, але ў чвэрцьфінале канферэнцыі выбілі пасеяны трэцім «Салават Юлаеў» (4:2), а ў другім раўндзе не заўважылі ўладальнікаў Кубка Кантынента за перамогу ў «гладкім» сезоне з маскоўскага «Дынама», выйграўшы серыю ўсухую (4:0). Першы матч «Лакаматыва» і «Трактара» стартуе сёння ў 19.30, другі паядынак у Яраслаўлі адбудзецца ў чацвер. Далей каманды пераедуць у Чэлябінск, дзе сустрэнуцца 6 і 8 красавіка.

Заўтра ў Магнітагорску возьме старт другая паўфінальная пара — «уральскае дэрбі» «Металурга» і «Аўтамабіліста». «Магнітка» стала лепшай камандай Усходу па выніках рэгулярнага чэмпіянату, а ў плэй-оф падапечныя Андрэя Разіна паслядоўна абыгралі хабараўскі «Амур» і маскоўскі «Спартак» з аднолькавым лікам 4:2 у серыях. У складзе «Металурга» барацьбу за Кубак Гагарына прадаўжаюць беларускія абаронцы Уладзіслаў Яроменка і Даніла Паліўка.

Што датычыцца «Аўтамабіліста», то калектыў з Екацярынбурга дабраўся да гэтай стадыі ўпершыню ў сваёй гісторыі. У гэтым плэй-оф «чырвона-чорныя» пакуль прайгралі ўсяго два матчы з дзесяці, забраўшы серыі ў казанскага «Ак Барса» і піцерскага СКА з лікам 4:1. Чатыры першыя паядынкі паміж двума ўральскімі клубамі пройдуць 3, 5, 7 і 9 красавіка. У мінулым годзе «Металург» і «Аўтамабіліст» гулялі паміж сабой у стартавым раўндзе, тады для вызначэння лепшага спатрэбіліся ўсе сем гульняў — «Магнітка» ў выніку аказалася мацнейшай (4:3).

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть