Культура

Пра беларускіх падарожнікаў і адкрыцці. Выстава «Ад Нёмана да Ціхага акіяна» адкрылася в НББ


Фота Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

5 красавіка, Мінск . У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрылася выстава «Ад Нёмана да Ціхага акіяна: гісторыя вандровак і геаграфічных даследаванняў», прымеркаваная да 70-годдзя Беларускага геаграфічнага таварыства і 90-годдзя факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ,

Экспазіцыя расказвае аб станаўленні геаграфіі ў нашай краіне і ўкладзе знакамітых першапраходцаў-выхадцаў з Беларусі, увекавечаных у падручніках і геаграфічных картах свету. Сярод экспанатаў — рэдкія кнігі і карты, сучасная тэматычная літаратура. Прадстаўлены партрэты і кароткія біяграфічныя звесткі пра беларускіх падарожнікаў і географаў. «Тут працы географаў, якія тварылі для грамадства і пра грамадства. Яны стваралі новыя тэорыі і даследавалі як нашу краіну, так і Сібір, Далёкі Усход, Аўстралію, Паўднёвую Амерыку. Цяпер іх імёнамі названы планеты, мінералы, горы, залівы і пікі, — адзначыў старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства Аляксей Яротаў. — На выставе мноства эксклюзіўных рэчаў. Гэта атласы, карты, інструменты. У нас прадстаўлена першая карта Томаша Макоўскага, якая пабудавана на нашай тэрыторыі і паказала нашу краіну».

Асаблівае месца ў экспазіцыі заняло геадэзічнае абсталяванне з калекцыі выкладчыка БНТУ Віктара Вексіна. «Калекцыя складаецца з дзвюх частак. Першая прадстаўлена на стэлажах — гэта старадаўнія прыборы XVII-XIX стагоддзяў. Другая частка, набліжаная да сучаснасці, згрупавана ў цэнтры залы. Многія з гэтых прыбораў прымяняліся пры будаўніцтве знакавых аб’ектаў горада Мінска, у тым ліку і будынка Нацыянальнай бібліятэкі», — расказаў калекцыянер.

Як адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін, мэта выставы — папулярызацыя прафесіі вучонага: геолага, географа, геадэзіста, тых, хто непасрэдна займаецца вывучэннем нашай зямлі. «На гэты час мы дамовіліся пра шэраг мерапрыемстваў, звязаных з папулярызацыяй удзелу беларусаў у вывучэнні не толькі нашай рэспублікі, але і планеты ў цэлым, — сказаў ён. — Гэта вельмі важная прафесія, пра якую трэба шырока расказваць, паказваць нашы дасягненні і традыцыі, каб захапляць моладзь. Нам ёсць чым ганарыцца».

Падтрымала яго і дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Алена Кальмакова. «Свет, у якім мы жывём, імкліва мяняецца на вачах аднаго пакалення. Гэта глабалізацыя, лічбавізацыя, экалагічныя праблемы. І праблемы, якія цяпер хвалююць кожнага, знаходзяцца на стыку прыроды і грамадства. Менавіта геаграфія знаходзіцца на стыку прыроднага і сацыяльнага, бо яна складаецца з фізічнай і сацыяльна-эканамічнай частак. Геаграфія павінна і можа вырашыць тыя праблемы, якія нас хвалююць», — упэўнена яна.

У час выставы адбылася прэзентацыя кніг «Географы Беларусі. Біяграфічны даведнік», «Пружанскі край на старадаўніх картах», «Пружанская кулінарыя: 76 унікальных рэцэптаў».

Прадоўжыцца выстава да 21 красавіка.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть